3 мин.

День траура

 

  • Мала сказаць: ненавiджу,

  • Мала сказаць: прызнаю,

  • Бiцца за праўду – i выжыць,

  • Нiбы салдат у баю.

  • ---

  • Дрэннаму – не пакарыцца,

  • Добрае – не празяваць.

  • З добрай хлуснёй не мiрыцца,

  • З буйнай хлуснёй ваяваць.

  • ---

  • Гэтым бы i кiравацца…

  • Толькi зло i хлусня

  • Хiтра маскiравацца

  • Вучацца спрытна штодня.

  • ---

  • Нехта i подлы, i хiжы

  • Клятву паўторыць тваю:

  • З ворагам бiцца – i выжыць,

  • Нiбы салдат у баю. 

Пiмен Панчанка

  • За векам век плыве-цячэ,  

  • А мы ідзем, ідзем... I што ж?  

  • О, як далёка нам яшчэ  

  • Да Беларусі!  

  • --- 

  • Ужо няўсцерп нам крыж пакут,  

  • I мы крычым, крычым, але –

  • Не дакрычаліся пакуль  

  • Да Беларусі.  

  • ---  

  • А можа быць, яна – міраж,  

  • I ўсе мы трызнім? Бо чаму ж  

  • Не далятае голас наш  

  • Да Беларусі?  

  • --- 

  • Відаць, пракляцця знак ляжыць  

  • На нас ад роду, і таму  

  • Так цяжка шлях нам церабіць  

  • Да Беларусі.  

  • ---  

  • Равуць вятры, грымяць грамы,  

  • Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,  

  • I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы  

  • Да Беларусі!.. 

Нiл Гiлевiч

  • Ты, мой брат, каго зваць беларусам, 

  • Роднай мовы сваёй не цурайся; 

  • Як не зрокся яе пад прымусам, 

  • Так і вольны цяпер не зракайся. 

  • ---

  • Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце, 

  • Гэта скарб нам адзін захаваўся, 

  • У сялянскай аграбленай хаце 

  • Толькі ён незабраны астаўся. 

  • --- ---

  • Можа б, ты і памёр і загінуў, 

  • Каб не вешчая мова Баяна. 

  • Хто ж быў добры, яе хоць пакінуў? 

  • Як жа так, што яшчэ не забрана? 

  • --- ---

  • Дык шануй, беларус, сваю мову — 

  • Гэта скарб нам на вечныя годы; 

  • За пашану радзімаму слову 

  • Ушануюць нас брацця-народы! 

Алесь Гарун

  • А хто там iдзе, а хто там iдзе 

  • Ў агромнiстай такой грамадзе? 

  • --Беларусы

  •  

  • А што яны нясуць на худых плячах, 

  • На руках у крывi, на нагах у лапцях? 

  • --Сваю крыўду.

  •  

  • А куды ж нясуць гэту крыўду ўсю, 

  • А куды ж нясуць напаказ сваю? 

  • --На свет цэлы.

  •  

  • А хто гэта iх, не адзiн мiльён, 

  • Крыўду несць наўчыу, разбудзiў iх сон? 

  • --Бяда, гора.

  •  

  • А чаго ж, чаго захацелась iм, 

  • Пагарджаным век, iм, сляпым, глухiм? 

  • --Людзьмi звацца.

Янка Купала 

  • Я буду маліцца і сэрцам і думамі,

  • Распетаю буду маліцца душой,

  • Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

  • Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

  •  

  • Я буду маліцца да яснага сонейка,

  • Няшчасных зімой саграваць сірацін,

  • Прыветна па збожных гуляючы гонейках,

  • Часцей заглядаці да цёмных хацін.

  •  

  • Я буду малiцца да хмараў з грымотамi,

  • Што дзiка над намi гуляюць не раз,

  • Каб жаль над гаротнымi мелi бяднотамi,

  • Градоў, перуноў не ссылалi падчас.

  •  

  • Я буду малiцца да зорак i жалiцца,

  • Што гасяць сябе надта часта яны,

  • Бо чуў, як якая з неба з iх звалiцца,

  • З жыцця хтось сыходзе на вечныя сны.

  •  

  • Я буду малiцца да нiвы ўсёй сiлаю,

  • Каб лепшаю ўродай плацiла за труд,

  • Збагацiла сельскую хату пахiлую,

  • Надзеi збытымi убачыў наш люд.

  •  

  • Я буду маліцца і сэрцам і думамі,

  • Распетаю буду маліцца душой,

  • Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі

  • Не вылі над роднай зямлёй, нада мной.

Янка Купала 

  • Над лесам, над садам дзікім

  • Дожджык забалбатаў,

  • І успыхнулі раптам гваздзікі

  • У нетрах абмытых траў.

  • Цёплыя кроплі скачуць

  • Па залацістай лазе;

  • Дожджык - "царэўна плача",

  • Сонца ў кожнай слязе.

  • З нізкай цёплай адрыны,

  • Учуўшы ласкавы капёж,

  • Ў лёгкай сукенцы дзяўчына

  • Выбегла проста пад даждж.

  • Кроплі яе цалавалі

  • Палка, пяшчотна, да слёз,

  • Вусны дзяўчыны хапалі

  • Срэбра з ясных нябёс.

  • Дожджык зрабіў сваё цуда,

  • Ён абляпіў, як мог,

  • Плечы, маленькія грудзі,

  • Гнуткія лініі ног.

  • Бэзам з садоў павявала,

  • Вечна хацелася жыць.

  • Дзяўчына ад шчасця спявала.

  • Стронцый быў у дажджы.

Уладзiмiр Караткевiч