Класiка
Гэта быў страшны і цяжкі час.
Уся неабдымная імперыя дранцвела і дубела ад жахлівага палітычнага марозу, які вось ужо дваццаць шэсць год вісеў і кашлата варочаўся над яе абшарамі.
Кожны, хто спрабаваў дыхаць на поўныя грудзі, адмарожваў лёгкія.
Казаць – дазвалялася толькі ману, любіць – толькі праваслаўе ды імператара, ненавідзець – толькі вальнадумцаў (якіх ніхто не бачыў, так іх было мала).
Літаратура трымалася на нейкім дзесятку смельчакоў, якіх гналі і распіналі ўсе, пачынаючы ад усерасійскага квартальнага і канчаючы квартальным звычайным. Ды і смельчакі гаварылі часцей за ўсё прыглушаным голасам, бо на кожнага адносна сумленнага было па дваццаць ланцужных псоў, здатных на ўсё.
Большасць не вытрымлівала і, сказаўшы смелае слова, адразу пачынала дыгаць нагою і прасіць прабачэння, жахацца са сваіх былых перакананняў.
“Мёртвыя душы” назвалі “тройчы маною, паклёпам на расійскую рэчаіснасць і ганьбаваннем асноў”.
Вялікія заваёвы чалавецтва імперыя аб’явіла лухтой, праўду – злосным падкопам, іншамысных – злачынцамі, што не хочуць велічы айчыны.
Бог быў падобны на будачніка, а будачнікі – на разбойнікаў.
Шпіцрутэны і смугастыя будкі сталі сімвалам.
Шчаслівых не было.
Усё прыносілася ў ахвяру ідалу дзяржаўнай моцы.